УКРАІ́НСКАЕ КАЗА́ЦКАЕ ВО́ЙСКА,
зборная назва ўкр. казацтва ў 15—18 ст. (гл. Запарожская Сеч; Задунайская Сеч). Пасля далучэння Украіны да Рас. дзяржавы (гл. Пераяслаўская рада 1654) укр. казакі Левабярэжнай Украіны сталі наз. маларасійскімі; іх войска налічвала каля 60 тыс. чал. і падзялялася на 10 палкоў. На чале войска стаяў гетман. Казакі мелі права асабістай свабоды, уласнасці на зямлю і заняцця промысламі. Да 1730-х г. у выніку росту феад. земляробства войска скарацілася да 10 тыс. чал. Астатнія казакі («падпамочнікі») сталі феад. залежнымі ад старшын і манастыроў. У 1783 разам з ліквідацыяй аўтаноміі Украіны маларас. казакі пераведзены ў падатковае саслоўе, блізкае да дзяржаўных сялян.
т. 16, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)